Экскурсія ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

24.04.2024

24 красавіка навучэнцы 8-9 класаў у рамках праекта "Музейная серада" здзейснілі пазнавальную экскурсію ў г.Мінск і наведалі Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - першы ў свеце музей тэматыкі Другой сусветнай вайны - адкрыўся 22 кастрычніка 1944 г. Дзеці наведалі некалькі залаў музея, якія прысвечаны гераічным старонкам гісторыі вайны. У зале "Дарогамі вайны" мы бачым камандзіра артылерыйскага разліку, воіна-артылерыста і шафёра ГАЗ - АА, якія рыхтуюцца даць адпор суперніку. Пры дапамозе сапраўдных экспанатаў і рэплік узноўлены эпізоды танкавага тарана і паветранага бою. Лінейка савецкіх мінамётаў, артылерыйскія сістэмы, узоры боепрыпасаў, знакамітая "Кацюша", грузавікі, палявая кухня, стралковая зброя - усё гэта можна ўбачыць у гэтай зале. У наступнай зале "Пачатак Вялікай Айчыннай вайны" юнакі і дзяўчаты ўбачылі фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы, узнагароды, зброю, якія раскрываюць тэму абарончых баёў у Беларусі. Трагедыю мірнага насельніцтва і гераізм воінаў Чырвонай арміі перадае дыярама "Абарона Мінска 25-28 чэрвеня 1941 г.". У экспазіцыі залы "Нацысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі. 1941-1944 гг." вучні ўбачылі ўнікальныя прадметы: частку агароджы з калючым дротам, будку вартавога, бервяно з вогнішча, на якім спальвалі трупы людзей. Іх прывезлі яшчэ ў снежні 1944 г. супрацоўнікі музея. Зала "Партызанскі рух" стылізавана ў выглядзе лесу, у якім адчуваецца пах ігліцы і чуваць спевы птушак. У гэтай зале вучні пазнаёміліся з побытам партызанскага атрада, які ўзнаўляюць аб'ёмна-прасторавыя кампазіцыі: зброевая майстэрня, друкарня, лясная школа, шпіталь і кухня. Таксама падлеткі ўбачылі ўнікальную калекцыю самаробнай партызанскай зброі, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У наступнай зале юнакі і дзяўчаты пачулі аповед аб вызваленні Беларусі, аб наступальнай аперацыі "Баграціён". Дыярама "Мінскі кацёл" раскрывае падзеі, якія адбываліся на ўсход ад горада, дзе была акружана і разгромлена 105-тысячная групіроўка праціўніка. Завяршылася наша экскурсія ў Зале Перамогі, у якой злучыліся Памяць і Слава аб подзвігу народа ў гады вайны. На мармуровых плітах высечаны імёны больш як 2000 воінаў, падпольшчыкаў і партызан - Герояў Савецкага Саюза.
Святая памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, яе героях і ахвярах. Перадаючы яе з пакалення ў пакаленні, разам мы ўносім свой уклад у захаванне Міру на Зямлі.