Экскурсія ў Музей МУС

18.06.2024

18 чэрвеня выхаванцы аздараўленчага лагера “Нягневіцкія следапыты" наведалі Музей МУС Рэспублікі Беларусь. Музей размясціўся ў будынку, які з'яўляецца помнікам архітэктуры пачатку XX стагоддзя (1914). Экспазіцыя музея МУС Рэспублікі Беларусь прадстаўлена ў 5 залах, займае 2 паверхі і налічвае каля 11000 экспанатаў. Дзеці змаглі ўбачыць службовую форму, пачынаючы з дарэвалюцыйнага перыяду, фота, архіўныя матэрыялы, разнастайную зброю, якую канфіскоўвалі ў злачынцаў і табельную, узнагароды (ордэны, медалі, граматы), чамаданчык крыміналіста, розную атрыбутыку, абсталяванне, матацыклы, доказы і шмат усяго цікавага. У першай зале дзеці пазнаёміліся з дзейнасцю структур па ахове правапарадку на беларускіх землях у часы Вялікага княства Літоўскага. Далей з гісторыяй адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі і дзейнасцю спецыялізаваных дзяржаўных органаў па ахове правапарадку і барацьбе са злачыннасцю ў XIX - пачатку XX стагоддзяў. У трэцяй зале выхаванцы лагера пазнаёміліся з гісторыяй станаўлення беларускай міліцыі ў 1917—1939 гадах, экспанатамі, якія расказваюць аб дзейнасці міліцыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і ўдзеле супрацоўнікаў МУС у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У апошняй зале максімальна шырока апісваецца работа падраздзяленняў МУС Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе. Завяршаецца экскурсія заўсёды ля стэнда, прысвечанага загінуўшым супрацоўнікам міліцыі. Асаблівую цікавасць у хлопчыкаў і дзяўчынак выклікаў выставачны павільён на вуліцы, дзе экспанатамі з'яўляюцца рэтра-аўтамабілі, на якіх калісьці ездзілі супрацоўнікі міліцыі ў тым ліку структурнага падраздзялення. Усе машыны і па сённяшні дзень на хаду.

поделиться в: