Экскурсія ў Ваўкавыск

07.06.2024

06 чэрвеня вучні 7-10 класаў наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі - Ваўкавыск, які ў верасні 2005 года ўрачыста адзначыў сваё тысячагоддзе. У ваенна-гістарычным музеі імя Баграціёна хлопчыкі і дзяўчынкі пачулі гісторыю старажытнага Ваўкавыска, пра вайну 1812 года,  Першую сусветную  і Вялікую Айчынную вайну, якія пакінулі свой след у гісторыі горада. З цікавасцю разглядалі падлеткі старажытную зброю, узоры ваеннай амуніцыі як рускай , так і французскай арміі, партрэты славутых палкаводцаў, старажытныя артэфакты. Асобныя залы прысвечаны асобе Пятра Баграціёна, камандуючага рускай арміяй падчас вайны 1812 года, які праславіўся сваёй мужнасцю і непераўзыдзеным талентам палкаводца.

Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі асалоду ад цудоўных краявідаў горада, узабраўшыся на адну з самых папулярных славутасцей Ваўкавыска - Шведскую гару. А на плошчы Леніна вучні сустрэліся з бронзавай фігурай ваўка, які стаў своеасаблівым абаронцам горада, яго сімвалам. Па мясцовай прыкмеце кожны загадаў жаданне і пацёр нос ваўку, каб патаемнае збылося. І зрабіўшы цудоўныя фота на фоне бірузовых водаў краснасельскіх кар'ераў, задаволеныя і насычаныя эмоцыямі, вучні вярнуліся дамоў.

поделиться в: